Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Другая проза » Дом з дамавікамі
Дом з дамавікамі - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Дом з дамавікамі

Электронная книга - «Дом з дамавікамі». Краткое содержание книги:

«Загадка Шэкспіра і Сервантэса не давала Марціну спакою да дзявятага класа…У самалёце Марцін… працягваў думаць пра Шэкспіра і Сервантэса. Ён — гэта сталася важным элементам гульні — выдатна ведаў іх жыццяпісы разам з легендамі, дыскусіямі і здагадкамі і сачыў за ўсімі новымі знаходкамі ды версіямі».
1 ... 7 8 9 10 11 12 13 14 15 ... 17
Перейти на страницу:
30

Слухаючы Нільса, Марцін убачыў перад сабой чародку слонікаў, што ў дзяцінстве ішла па этажэрцы ў іхняй з мамаю і бабуляй двухпакаёўцы. Праўда, мама моцна здзівілася б, пачуўшы пра сістэму фэн-шуй і пра тое, што гэтыя статуэткі здатныя на нешта іншае, апрача ўпрыгожвання сціплай абстаноўкі. Побач са слонікамі на этажэрцы сядзела, выцягнуўшы наперад белую ножку, парцалянавая балерына. Яна з’явілася раней за суседзяў з хобатамі, і малы Марцін калісьці скінуў яе на падлогу, адбіўшы балерыне галоўку.

Мама прымудрылася скласці балерыну, засунуўшы ў пустую ўсярэдзіне статуэтку доўгі цвік, на плешцы якога і трымаўся адляцелы кавалачак з чорнымі кудзеркамі і пунсовымі вуснамі. Калі Марціну хацелася пазлаваць маму, ён цягнуў балерыну за галаву, і тая ператваралася ў жанчыну-жырафу.

31

Нільс прапаноўваў усё новыя дэталі і адгалінаванні сюжэта.

Оса і Стэфан шмат гадоў жылі заможна і ў шчасці, пакуль Нільсаў дзед, які служыў на гандлёвым флоце, не прывёз адкульсьці з Індыі або з Інданезіі новых сланоў. Іх, зробленых гэтым разам са слановай косці, зноў жа было сем, але між дзвюма тройкамі цалкам белых адзін меў чорныя біўні.

Бабуля з першага дня знелюбіла мужаў набытак. Яна абвясціла, што здасць яго ў антыкварную краму свайго брата на ратушным пляцы, і рабіла некалькі спробаў запакаваць сланоў у скрынку, аднак Стэфан упарціўся і вяртаў іх на падвоканне. Гэта, маўляў, падарунак, але сказаць, ад каго, — рашуча адмаўляўся. У Нільсавых бацькоў узнікла падазрэнне — яны, зразумела, хавалі яго ад бабулі — што тут тоіцца нейкая ўсходняя жанчына. Маці ў такіх размовах называла яе фатальнай.

А потым дзед у адпачынку між плаваннямі выйшаў у мора на апошнюю рыбалку.

Пасля хаўтураў сланы неадкладна пераехалі да антыквара, але не ў краму Осінага брата, а ў іншую, каля царквы. «Няхай Госпад іх ачысціць», — патлумачыла бабуля. Рэшту адмераных ёй гадоў яна амаль не выходзіла з дому і ўсяго раз наведала мужаву магілу, хоць і загадала пахаваць сябе поруч.

32

Марцін акурат думаў, што такіх гісторый можна пачуць адну-дзве за цэлае жыццё, як наперадзе з-за рога дома выплыла знаёмая пара са стакгольмскага гатэля. Занятыя размовай, яны і не заўважылі або ўдала прыкінуліся, што не заўважаюць нядаўняга суседа. Жанчына зноў падалася яму істотна старэйшай за сябе самую тры дні таму. Яна як быццам яшчэ больш пастарэла нават з таго моманту, як Марцін убачыў іх на кніжным кірмашы, аднак радзімка на лобе не пакідала сумневаў, што жанчына — тая самая сяброўка бакенбардыстага, што лётаў па гатэльным калідоры ў паласатых майтках. «Змыла касметыку плюс натуральнае сонечнае асвятленне», — знайшоў тлумачэнне Марцін, хоць яго пачынала турбаваць, ці не зачаста яны сустракаюцца ў краіне, што прыкметна большая за Манака ці Сан-Марына.

Не паспеў ён развітацца з гэтай думкай, як напаткала новая неспадзяванка. Афіцыянтам, што падышоў да іхняга з Нільсам абедзеннага століка ў кавярні, аказаўся не хто іншы, як стакгольмскі шкіпер або ягоны двайнік. Марцін неўпрыкмет паторгаў сябе за вусы. Карцела пацікавіцца ў шкіпера, ці даўно той наведваўся ў сталіцу, аднак, гледзячы на адстаронены ды непранікальны твар афіцыянта, які цяпер, адрозна ад Стакгольма, гаварыў па-англійску без усялякага акцэнту, ён перадумаў. Пытанне магло быць расцэненае як умяшанне ў прыватнае жыццё.

«Ці не зашмат супадзенняў?» Сёрбаючы духмяную юшку, Марцін вырашыў падзяліцца здзіўленнем з Нільсам, але ўрэшце замест гэтага аддаў належнае стэйку з аляніны. Пагатоў выдавец не бачыў раней ні парачкі каханкаў, ні шкіпера.

33

Другая ноч у доме Нільсавых сваякоў аказалася поўнай супрацьлегласцю першай.

У сне Марцін апынуўся ў круглым будынку-ратондзе са сценамі з суцэльнага шкла, але шкла не звычайнага, а празрыстага адно з унутранага боку. Такім чынам вачам Марціна адкрывалася ўсё, што чынілася знадворку, а яго — ён аднекуль ведаў — адтуль убачыць не маглі.

Не маглі, але вельмі імкнуліся: да шкла прыціскаліся, марна ўзіраючыся ў недасяжную для іхняга зроку прастору, знаёмыя і незнаёмыя твары.

Знаёмымі былі тыя, з кім Марцін не хацеў мець аніякіх дачыненняў, бо тыя людзі адыгралі некалі ў ягоным жыцці адмоўную, а то і злавесную ролю. Да шкла ціснуўся, напрыклад, знаёмы паэцік — былы, а, відаць, і цяперашні стукач, што, апрача даносаў, пісаў у сеціве пад рознымі нікамі брыду пра яго, Марціна, і некалі здолеў разлучыць з мастачкай Вітай. Ён пазнаў і двух верагодных шэфаў паэціка — супрацоўнікаў органаў, якія ў гады студэнцтва пагражалі за самвыдат выкінуць Марціна з універсітэта і заслаць у войска куды-небудзь пад Магадан. Гэта мімаволі наводзіла на думкі, што і незнаёмых персанажаў за шклом наўрад ці можна далучыць да ягоных прыхільнікаў і сімпатызантаў.

1 ... 7 8 9 10 11 12 13 14 15 ... 17
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)