Ад сяўбы да жніва
- Автор: Брыль Янка
- Год: 1987
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Советская классическая проза
Электронная книга - «Ад сяўбы да жніва». Краткое содержание книги:
— Куды ты вернеш, бацька?
— Куды трэба. Махай трохі лепш!..
Іван спачатку зазлаваў — зусім здзяцінеў стары! — а потым засмяяўся. Яны павярнулі дахаты… Ну што ж, пасля, як стары аддасца, даведаемся пра ўсе гэтыя яго выкрутасы. А тым часам як быццам нават запахла смажанай сілявай…
Выгібы хваль, разварушаных лодкай, пабліскваюць, адсвечваюць на пясчаным дне. Далей ад берага, на глыбіні чатырох-пяці метраў, відаць густая, высокая водарасць — нібы лес з-пад крыла самалёта. Спакваля пачынаецца «паглыб» — заўсёды таямнічае сіне-шэрае бяздонне. Там недзе нячутна шугаюць за спажываю вялізныя, як бярвенні, ненажэрныя шчупакі. Шугаюць, гады, a ў падвалоку не хочуць!..
Калі лодка прыстала да апусцелага берага, каля сетак, развешаных на дручках, не пахаджалі ўжо нават i кантралёры-каты.
Сілява смажыцца без усякага тлушчу. Можна нават, калі спяшаешся, i не чысціць яе, хопіць добра перамыць. Найлепш смажыць у печы, каб рыбу падрумяніла лёгкае полымя — з сухенькіх, як соль, сасновых паленняў.
Калі мужчыны зайшлі ў хату, Маня, якая праз акно ўбачыла, што яны набліжаюцца да берага, адразу i падала ім на стол вялікую, духмяную, гаманлівую скавараду. Іван накроіў тоўстымі лустамі свежага хлеба i нецярпліва паклікаў бацьку з сяней. Стары, ужо значна ніжэй ад носа трымаючы свой падбародак, увайшоў у хату з бутэлькай жоўценькай пярцоўкі.
— Жыў адзін дзівак, — сказаў ён, ставячы на стол паўлітроўку, — які ўсё з усякім дурнем чаркай дзяліўся. Дай, Маня, шклянку. Ды i сама прысядзь.
Далонню ў донца — ён легка выбіў з бутэлькі кардонны корак, наліў першую чарку. Урачыста пажадаў сыну з нявесткай добрага здароўя. Паволі, смакуючы, выпіў.
— А потым? — спытаўся Іван, з затоеным смехам гледзячы на амаль зусім распагоджаны бацькаў твар.
— А потым ён i тую порцыю, што раней падсоўваў усякаму, пачаў сам выпіваць. На добрае, сыне, здароўе!..
Смачна апёкшы рот i ўсё нутро пахучай, моцнай вадкасцю, Іван пачаў жаваць папоўніцы. Эх, i рыбка ж яна — сілява! Нават i костачкай не ўколешся!
— Я ж i кажу, — гаварыў стары, старанна дрыгаючы пакрытым сівой зарасцю падбародкам, — каб тая ручка адсохла, што галавы не слухае.
— Ты зноў пра падсочку?
— А што ж? Хіба ж гэта парадак? Увесь Пярэймаўскі бор падсочылі! Над самым возерам! Я яшчэ, шануючы вас, з голай с… бегаў, калі ён стаяў. Дзве вайны выстаяў, а цяпер вось знайшоўся дурань — на выруб яго!..
— Вы, тата, ешце, — ціха азвалася поўненькая чарнабровая Маня. — Стаяў ён i будзе стаяць…
— Паваляць, дачушка! Год-два, i паваляць! На тое ж i подсочку зрабілі… А ты чаго выскаляешся?
Іван, адрагатаўшыся, спытаўся:
— Дык ты яго пашкадаваць хацеў? З пілою?
Стары загарэўся, нават руку з кавалкам хлеба задзёр.
— Гатовае, што на двары ляжыць, кожны дурань можа ўзяць! Ты мне не тыцкай гэтым паленам пад нос! Сам здароў, ведаю, што раблю!..
— Ну i пярцоўка… Яна ў сваёй хаце п'ецца лепш…
— А ты бо сціхні! — накінулася на Івана жонка. — Еш ды ідзі, куды трэба! Я вам, тата, яшчэ вось… Знайшоў з каго выскаляцца!
Яна завінулася каля прыпека i падышла адтуль да стала з вялікай конаўкай чаю, заваранага на ліпавым цвеце. З той самай, як хмара, ліпы, што за гумном. Потым прынесла жоўты паліваны слоічак з мёдам i чыстую лыжку.
— А дзе ж гэта дзеці? — спытаўся дзед.
— Гэля пасе. А Ганначка памчалася недзе.
— А ты ім чаю давала?
— Няўжо ж.
— I Гэлі трэба было таксама. Яна нешта кашляла ноччу…
Канчаткова размораны ласкай ліпавага цвету i мёду, стары глядзеў на адзінага з жывых, наймалодшага, спраўнага i вясёлага сына, на ціхую рабацяшчую маладзічку, ад якое ў хаце ніхто яшчэ не чуў ліхога слова. Глядзеў i сёрбаў памалу. Падумаў нават, што няблага было б цяпер прылегчы на часіну адпачыць… Але, дапіўшы з конаўкі салодкую цеплыню, ён нечакана стукнуў посудам па стале i ўстаў.