Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Уліс з Прускі - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Уліс з Прускі

Электронная книга - «Уліс з Прускі». Краткое содержание книги:

Раман прысвечаны падзеям пачатку XX стагоддзя, які супаў з дзяцінствам і юнацтвам галоўнага героя твора Лявона Кужаля. Юнаком — як новы Уліс — ён едзе ў Амерыку, знаёміцца з нязвыклым для сябе светам і новай філасофіяй жыцця, што, аднак, не пазбаўляе яго ад розных нечаканак, горкіх хвілінаў, стратаў і расчараванняў.
Аўтар змог стварыць цікавыя, запамінальныя вобразы і характары, дакладна перадаць каларыт тагачаснага жыцця, побыт, звычкі, павер’і, гістарычныя падзеі і паданні.
1 ... 105 106 107 108 109 110 111 112 113 ... 167
Перейти на страницу:

У цэнтры гэтага раю стаяў пабудаваны з бярвення дом з ганкам, абвітым дзікім вінаградам. Сонца хілілася на захад, і яго ўжо аслабелыя праменні мякка адлюстроўваліся ў аконным шкле. «А тут можна жыць» — падумаў прускавец, і пачуў звон ланцуга — першы звярнуў увагу на з'яўленне незнаёмага сабака. Лявонка спыніўся і ўбачыў, як з хлява выйшаў рослы мужчына ў ссунутым на патыліцу капелюшы, рабочым камбінезоне, скураных, заляпаных граззю ботах. За ім паказаўся другі — больш сталага веку, каржакаваты, некалі, відаць, вельмі дужы, з худым абветраным тварам, пакрытым густой сеткай сухіх маршчын, сівымі абвіслымі вусамі. Росту ён быў аднолькавага з Лявонкам — не высокі. З выгляду — засяроджаны і непаспешлівы. Апрануты таксама, як і маладзейшы. «Гаспадар з сынам, няйначай», — падумаў прускавец і павітаўся:

— Гуд монінг!

— Хэло! — адказаў старэйшы.

Ён падышоў першы і падаў руку далонню ўверх. З выгляду гэта быў бадзёры і моцны, упэўнены ў сабе чалавек, як і многія ў гэтай краіне. Войлачны капялюш насунуты на лоб. З-пад ссівелых броваў з цікавасцю пазіралі шэрыя, запалыя вочы.

— Лявон Кужаль.

— Лівінь? — здзіўлена перапытаў чалавек, перайначыўшы прозвішча на ўкраінскі лад. — Грыцько, — прадставіўся ён, яшчэ раз моцна паціснуўшы Лявонкаву руку, — Бузук. Тут мяне называюць — містэр Грыц. — Ён стаяў перад Лявонкам і пазіраў яму проста ў вочы. — А гэта мой сын Іван.

— Я так і падумаў,— прызнаўся госць.

Ля хлява стаяў яшчэ адзін чалавек — негр у выцвілай на сонцы кашулі і штанах, якія віселі на шлейках, перакінутых цераз шырокія плечы. Твар яго, чорны аж сіні, ільсніўся ў прыветнай усмешцы.

«Работнік у іх, відаць, ужо ёсць, — падумаў прускавец, убачыўшы негра, — паспелі ўжо ўзяць…»

— Адкуль ты будзеш, хлопча? — запытаў Грыцько.

— З Беларусі.

— З Білорусі?

— Ну, так, Гродзенскай губерні, з-пад Брэста. Я па аб'яве, праз біржу працы.

— Тю-ю-ю! — Грыцько ажно прысвіснуў і яшчэ раз агледзеў госця. — Ось воно шчо…

Яны і сапраўды давалі аб'яву — яшчэ ў мінулым годзе, і з таго часу нават і надзею страцілі — узялі негра. Але што той негр? Грыцько быў ім незадаволены.

— З Білорусі, кажаш? А мы, браце, карпатаросы! — у голасе гаспадара пачуўся гонар. — Мелані! — гукнуў ён. — Дай чалавеку паесці. З дарогі ён…

У дзвярным праёме паказалася жанчына і з цікавасцю паглядала на Лявонку вялікімі, як слівы, чорнымі вачыма.

— Добры дзень! — павіталася яна.

— Добры дзень!

На ёй была доўгая спадніца і прыталеная жакетка, на галаве — шэрая выцвілая хустачка.

«Гаспадыня! — здагадаўся Лявонка. — Малання, значыць».

Жанчына запрасіла ў хату, наліла кубак малака, адрэзала лусту белага хлеба. Ён агледзеўся. У хаце наслана драўляная падлога. На сцяне вісела люстра, побач з ім — газнічка з бліскучым металічным адлюстравальнікам. На падаконніках стаялі вазоны з геранню, якая цвіла пышнымі чырвонымі кветкамі. Госць памыў рукі, сеў за стол…

Умовы абмяркоўвалі на двары, калі Лявонка падсілкаваўся і выйшаў з хаты. Містэр Грыц філасофскі зазначыў, што чалавек можа і павінен абыходзіцца ў жыцці ўласнымі сіламі, аднак гаспадарка такая, што даводзіцца наймаць работнікаў.

Сышліся, даляр за суткі. Суткі — гэта ад відна да відна. «Не шмат, — падумаў новы работнік, — калі ад відна да відна».

— Даляр у дзень на поўным утрыманні,— сказаў Грыцько і дадаў: — Гэта да лістапада. Зімою буду плаціць менш.

Слухаючы яго, можна было падумаць, што ён жорсткі і бессардэчны, але Лявонку ён чамусьці спадабаўся.

— Спаць пастаялі яму ў павільёне! — сказаў Грыцько, звяртаючыся да сына. Павільёнам ён называў прыбудаваную да хаты веранду.

«Ну, вось, трапіў я ў парабкі,— ужо засынаючы, падумаў прускавец, — а батрачы хлеб, кажуць, сабачы».

Гэткім чынам ён уладкаваўся сезонным рабочым.

Назаўтра першы ўстаў Грыцько і адразу ж пачаў завіхацца ля печы. Развёў агонь, паставіў на пліту чыгун з вадой і пабудзіў сына. Нявестка (Мелані была Іванава жонка) яшчэ спала. Спаласнуўшы вёдры гарачай вадой, бацька і сын збіраліся, мяркуючы па усім, даіць кароў. Не жадаючы адставаць ад гаспадароў, падняўся і Лявонка. Перакінуўшы цераз плячо ручнічок, выйшаў у двор, спаласнуў з рукамыйніка рукі, твар.

— Гуд монінг! — згледзеў яго Іван.

— Гуд монінг!

1 ... 105 106 107 108 109 110 111 112 113 ... 167
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)