Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
У добры час - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

У добры час

Электронная книга - «У добры час». Краткое содержание книги:

Вышэй маста берагі рэчкі крутыя і высокія. Праўда, падымаюцца яны не ад самай вады, а воддаль, утвараючы пойму, пасярэдзіне якой у жоўтым наносным пяску і цячэ гэтая невялікая рэчка. Толькі на паваротах яна падмывае то адзін, то другі абрыў, вымываючы з зямлі тоўстыя карэнні, а часам і цэлыя счарнелыя ствалы дубоў. Некалі тут стаяў лес. Стаяў ён, відаць, не вельмі даўно, бо і цяпер яшчэ на правым беразе захавалася некалькі магутных дубоў. Нібы асілкі, зняўшы шапкі, глядзяць яны ў прастор, упарта не жадаючы скарыцца старасці. Цёмнакарычневыя, нібы абпаленыя агнём лісты сіратліва трапечуцца на іх да самай вясны, покуль не надыходзіць час ім саступіць сваё месца новым, маладым. На левым, больш высокім, беразе ад лесу засталася толькі адна сухаверхая сасна. Яна стаяла ў калгасным двары, якраз насупраць канюшні, таму некалі шурпаты камель яе так быў выцерты жывёлай, што блішчэў, як наглянцаваны.
1 ... 105 106 107 108 109 110 111 112 113 ... 179
Перейти на страницу:

— Дожджык, дожджык, прыпусці!

Як у полі тры кусты...

Васіль не разумеў сэнсу апошніх слоў, хоць некалі ў дзяцінстве не раз паўтараў іх. Але першы радок і яму хацелася выгукнуць — папрасіць дождж, каб ён быў мацнейшы і ішоў даўжэй.

— Заходзь у хату, Вася.

Ён павярнуўся. Маша стаяла ў сухім плацці з распушчанымі мокрымі валасамі.

— Трэба пачакаць Ігната Андрэевіча.

— Хіба ён не пазнае твайго каня?

Васіль паслухмяна пайшоў за ёй. Прайшоў цераз кухню ў пакой і збянтэжыўся, убачыўшы, што пакідае на чыста вымытай падлозе мокрыя сляды.

— Хочаш, Вася, я дам табе сухую сарочку, Пецеву.

— Ну, што ты!.. Я, зараз паеду.

— А чаго табе спяшацца? Пасядзі. Ты-ж першы раз у нас у гасцях.

Яна гаварыла гэта проста, як вельмі блізкаму чалавеку, і ён ажно разгубіўся і не ведаў, што рабіць: адмовіцца, ці прыняць прапанову.

А Маша тымчасам дастала са скрыні чорную сацінавую сарочку, падала яму, і ў яго нехапіла рашучасці адмовіцца.

Ён вышаў на кухню, каб пераапрануцца. Сарочка была крыху цесная, з кароткімі рукавамі, і Васіль адчуў сябе ў ёй зусім юнаком. Калі ён вярнуўся, Маша прыветліва ўсміхнулася.

— Ну вось, які ты маладзенькі! Пачакай мяне хвіліначку.

Яна накіравалася на кухню. Там загрымелі начоўкі, вядро, палілася вада. Ён адчыніў дзверы.

— Што ты робіш?

— Выпалашчу тваю гімнасцёрку і кашулю.

У яго загарэліся вушы.

— Ну, што ты!.. — ён памкнуўся быў не даць ёй зрабіць гэтага, але яна рашучым рухам адхіліла яго.

Неўзнарок позірк яго спыніўся на яе нагах, стройных, прыгожых, па калені бронзавых ад загару. Яму стала сорамна, і ён хутка вярнуўся ў пакой, стаў каля акна. Сэрца яго моцна білася. Па другім баку вуліцы прайшлі Макушэнка і Ладынін. Ён правёў іх позіркам і схамянуўся толькі тады, калі яны зайшлі ў двор да Яўмена Лескаўца: яму трэба было паклікаць іх. Не пачуў ён таксама, калі Маша зайшла.

— Ах, які дождж! Проста радасць!

Яна стаяла амаль побач, глядзела ў акно і спрытнымі рукамі заплятала касу.

— Каб ты ведаў, які ў мяне настрой! Чаму ты хмурышся?

— Я? Наадварот, — ён засмяяўся. — У мяне таксама незвычайны настрой.

— Ты добра гаварыў на сходзе. Аб балоце і аб новых культурах. Як там Насця?

— Паклялася, што ляжа касцямі, а сабярэ не менш, як па пяцьсот цэнтнераў буракоў, — адказаў ён.

— Сабярэ, — сур'ёзна запэўніла Маша і, хвіліну памаўчаўшы, спытала крыху трывожна і сумна: — А колькі вось я сабяру?

— Чаго?

— Усяго.

— А-а... Будуць ісці вось такія дажджы...

— А калі не будуць?

— У нас не Сальскі стэп, Маша, а Палессе.

— А мінулае лета?

— Такія леты ў нас бываюць раз у дваццаць год. Вунь як ён лінуў. Суткі пройдзе... на месяц вільгаці хопіць.

— Ты суцяшаеш мяне так, быццам я не чытала Вільямса і не чула, што сам-жа ты гаварыў на занятках...

Ён павярнуўся і, забыўшыся на ўсе іншыя пачуцці, па-сяброўску ўзяў яе за плечы, заглянуў у вочы:

— Мілая Маша! Не ўсё адразу. Каб дамагчыся таго, пра што піша Вільямс, трэба многа-многа працаваць яшчэ. І табе і мне... І ўсім нам... Лёгка сказаць: асвоіць севазвароты... Але нялёгка зрабіць гэта...

— Нялёгка... Асабліва ў нас... — яна ўздыхнула і адышла да стала. Дастала з паліцы тоўстую кніжку, разгарнула.

— Чаму — асабліва ў вас?.. Гэта дарэмна... З Лескаўца будзе добры гаспадар... Сёння ён цікава гаварыў пра спаборніцтва. Урэшце...

Ён хацеў быў сказаць: «Відаць, яго перавыхаванне залежыць ад цябе»,— але стрымаўся, прыкусіў язык. Ён даўно ўжо не цікавіўся іх адносінамі і добра не ведаў, у які бок яны зрушыліся пасля яго размовы з Машай.

Маша маўчала, утаропіўшы позірк у кнігу. Ён таксама змоўк. Яна ўзяла з разгорнутай кнігі аркуш паперы, глянула на Васіля, няўпэўнена прамовіла:

— Вось... хачу паказаць табе... першаму...

Ён узяў, прачытаў, і вочы яго загарэліся.

— Малайчына!.. Даўно пара. Праўда, напісаць можна было-б карацей.

— Што ты! Хіба можна карацей! У мяне і так усё вельмі каротка. Глядзі, якая аўтабіяграфія. Два дні пісала і вось колечкі напісала. Сорам паказваць такую аўтабіяграфію.

— Глупства! Справа не ў памеры, Маша. Ёсць біяграфіі доўгія ды з плямамі. А твая, што кропля вось гэтай дажджавой вады. Без парушынкі. Сёння-ж перадай усё Ладыніну.

1 ... 105 106 107 108 109 110 111 112 113 ... 179
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)