Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 9789857089598
- Жанр: Публицистика
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1». Краткое содержание книги:
Дзясяты том склалі аўтабіяграфічныя дыялогі з А. Адамовічам «Маладыя гады» (1985, 2001), а таксама выбраная публіцыстыка 1957–1980 гг.: артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні.
Апрача шмат якіх іншых якасцей, у гэтых запісках уражвае незвычайная аўтарская назіральнасць, яго надзіва свежая, нічым не замутнёная памяць, якая проста неверагодная без нечага істотна-душэўнага, чым валодае далёка не кожны з нашых нават і таленавітых мастакоў. Мастацкая дакладнасць кожнай самай нязначнай на першы погляд дэталі, глыбінная пранікнёнасць думкі, адсутнасць нават аддаленага напамінку на другаснасць, рэмінісцэнтнасць пры выразнай наяўнасці сапраўды гуманістычнае першаасновы збліжаюць гэтую прозу з самымі лепшымі творамі рускай літаратуры і найперш — з «Севастопальскімі апавяданнямі» Л. Талстога. Абедзве гэтыя рэчы ляжаць у гуманістычным рэчышчы сусветнай літаратуры на тэму вайны.
Пры самых, можа, празмерных дапушчэннях цяжка перабольшыць ягоны ўплыў на савецкую паэзію пасляваенных год ды і прозу таксама. Наўрад ці знойдзецца хто другі ў нашай літаратуры, хто б мог з ім параўнацца ў выхаванні маладзейшых рускіх і не толькі рускіх пісьменнікаў. Я думаю, што ў гэты жалобны час развітання разам з многімі іншымі не абмінуць яго шчырай удзячнасцю шмат якія і беларускія аўтары, пачынаючы ад Аркадзя Куляшова, творчасць якога ён заўжды надзвычай высока цаніў, да маладзейшых — А. Вярцінскага, В. Адамчыка, аўтара гэтых радкоў, чые творы ў свой час мелі гонар трапіць на яго рэдактарскі стол. Праходзячы ў яго суровую па сваёй патрабавальнасці школу літаратуры, мы спасцігалі вышыню яе ідэалаў, пазбаўляліся рэштак правінцыяльнага верхаглядства, вучыліся не баяцца несправядлівае жорсткасці крытычных прыгавораў. I калі такія прыгаворы здараліся, ён не меў звычаю пакідаць сам-насам безабароннага аўтара або паспешліва пазбаўляць яго крэдыту даверу. Наадварот: якая б няўдача ні спасцігла аўтара, калі ён паверыў у каго, дык ужо не мяняў гэтае свае веры і падтрымліваў, як толькі мог. Адступніцтва было не ў яго характары.
Літаратура ствараецца не для аднаго дня і не для якой-небудзь чарговай кампаніі — яе жыццё мераецца дзесяцігоддзямі, і кожны твор жыве тым даўжэй, чым болей у ім закладзена ад праўды народнага жыцця. Іменна клопатамі аб даўгавечнасці літаратуры і яе праўдзівасці былі прасякнуты яго вядомыя выступленні на партыйных і пісьменніцкіх з’ездах, на сустрэчах з журналістамі і чытачамі. Адказваючы на папрокі некаторых крытыкаў адносна ягонай нібыта непрыхільнасці да рамантычнай плыні ў літаратуры, ён гаварыў, што справа не ў плыні, а ў кожным канкрэтным літаратурным творы. I калі гэты твор захоплівае душу, дае чытачу жыццёвую радасць пазнання, «я менш за ўсё заклапочаны высвятленнем таго — рамантызм гэта ў чыстым выглядзе або яшчэ што. Я проста ўдзячны аўтару за добры падарунак, — гаварыў ён. — Але калі мне падносяць штосьці хадульнае, дзе жыццё даецца ў такіх умоўных дапушчэннях так званай „прыўзнятасці“, што хочацца вочы заплюшчыць ад няёмкасці, і кажуць, што гэта трэба чытаць, гэта рамантызм, то я кажу — не».
Ён часта напамінаў аб вядомай у літаратуры ісціне, што галоўным крытэрыем вартасці любой кнігі з’яўляецца ступень абавязковасці яе паяўлення ў даны час. Адмятаючы ўсе фармалістычныя штукарствы, хоць і не адмаўляючы значэння літаратурнага эксперыменту ў цэлым, ён рашуча станавіўся на абарону інтарэсаў чытача. У гэтым сэнсе ён высока цаніў такія далёка не традыцыйныя па форме, але поўныя сацыяльнага значэння творы заходняй літаратуры, як «Чума» А. Камю, «Насарог» Э. Іянеску, «Па кім звоніць звон» Э. Хемінгуэя, фільм «Евангелле ад Мацвея» Пазаліні. Разважаючы на тэму злітнасці формы і зместу, ён гаварыў, што безадказнасць, бесклапотнасць адносна формы вельмі часта цягне за сабой абыякавасць чытача да зместу твора, таксама як і бесклапотнасць адносна зместу здольна абярнуцца абыякавасцю чытача да самай вытанчанай формы.
— Мастацтва помслівае, — гаварыў ён. — Яно жорстка распраўляецца з тымі мастакамі, якія свядома ці несвядома здраджваюць яго асноўным законам — законам праўды і чалавечнасці.
I вось яго ўжо няма.
Як заўжды, сляпая і страшная ў сваім недарэчным выбары смерць вырвала яго з жыцця, і тут ніякія суцяшэнні не апраўдаюць ягонае адсутнасці сярод нас. Смуткуючы да глыбіні душы, мы, аднак, не можам нічога, апроч як на развітанне сказаць з жалобай і горыччу: