Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Другая проза » Сны iмператара
Сны iмператара - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Сны iмператара

Электронная книга - «Сны iмператара». Краткое содержание книги:

Кніга апавяданьняў пісьменьніка і гістрыка Уладзімера Арлова Сны імпэратара была надрукаваная у выдавецтве Мастацкая літаратура ў 2001 годзе. На сторонках выданьня аўтар вяртае нас у гісторыю нашага народа, бо менавіта праз гісторыю можна будаваць нашу будучыню. У выданьні сабраныя апавяданьні, аповесьці і эсэ розных гадоў, якія выйшлі з-пад пяра Уладзімера Арлова тут і пра радавод самаго спадара Ўладзімера і пра слынных герояў і постаці беларускай гісторыі. Аўтар ня проста знаёміць нас з падзеямі і асобамі Мінуўшчыны, але і прымушае кожнага задумацца і перажыць лёс свайго народа. Ад Полацкага княства да 20 стагодзьдзя шлях у 11 стагодзьдзяў. Гэта шлях птушкі фэнікс-Беларусі, якая нягледзячы на ворагаў і “братоў”, жыве і будзе жыць
1 ... 104 105 106 107 108 109 110 111 112 ... 166
Перейти на страницу:

Збой прыслухаўся і пацішэў.

— Пятро я. Хрыстом Богам прашу, не губіце бязвінную душу! — маліў вастраносы.

Богуш глядзеў на яго, і на твары ў аршанскага лучніка не было шкадобы.

Але знайшліся ў грамадзе і жаласныя сэрцы.

— Можа, і праўда Пятро ён? — прамовіў нехта.

— На агнёвым роспыце прызнаў сябе нямчынам! — гучна сказаў да людзей пасаднік.

— Грэшны, не сцярпеў пакуты,— зноў падаў голас кудлач.— Сам на сябе нагаварыў.

— Да князя паслаць! Няхай князь судзіць! — закрычалі ў натоўпе.

— Другі ў князя клопат. Перавозчык паслоў у Бельчыцы павёз. Можа, і нашай ён крыві,— пасаднік паказаў нагой у зялёным боце на вастраносага,— ды ўсё адно пераветнік. А пераветнікаў князь Валодша загадаў судзіць скора.

Збой незадаволена загудзеў.

— Пятро я! — адчайдушна заекатаў кудлач.— Крыж буду цалаваць, што Пятро!

У гэты момант нечакана загаварыў таўсматы выведнік. Ён сказаў толькі тры словы:

— Яго імя Готфрыд.

— Не верце яму, людзі! — у смяротным жаху заверашчаў кудлач.— Бога ў цябе няма, лацінец пракляты!

— У Дзвіну іх! — выгукнуў Богуш, і вакол таксама закрычалі: — У Дзвіну!

Пасаднік махнуў рукой. Цівуны забілі выведнікам раты анучамі і пацягнулі абодвух да чаўноў. У вострых вачах аршанскага лучніка было змрочнае здаваленне. Грамада зноў загула, але ў гэтым гудзе ўжо не было шкадавання. Людзі пабеглі па беразе вышэй, каб лепей бачыць.

— Далей адвозьцеі! — загадаў пасаднік.— А то вада спадзе, дык с...кі тырчаць будуць.

Чаўны хутка выйшлі на самую строму. Цівуны, надзеўшы выведнікам на шыі пудовыя камяні, асцярожна, каб не выкуліцца самім, спіхнулі іх у каламутную імклівую ваду.

— Ні воўк ваўка, ні змяя змяю не губіць, а чалавек чалавека губіць і радасць з гэтага мае,— пачуў аршанскі майстра. Гаварыў, хрысцячыся дрыготкай рукой, падстаркаваты манах.

— Нядобра кажаш, мніх. Не да такога чыну словы,— сурова азваўся нехта.— Самі яны свае душы загубілі.

Збой ужо рассыпаўся, як па-над берагам разлёгся ўсцешаны жаночы крык:

— Глядзіце! Глядзіце!

На ўзвозе зарагаталі. Богушавы вусны таксама расцягнуліся ў міжвольнай усмешцы.

Хтосьці, відаць, нейкі весялун з княжых вотчын, што стаялі вышэй горада, пасадзіў на крыгу жарага, як агонь, пеўня. Крыгу несла па самым быстраку, а небарака-певень на пацеху разявакам мітусіўся на сваім хісткім прыстанку і раз-пораз пачынаў махаць крыламі, нібы збіраўся пераляцець на трывалае месца. Але да зямлі было не меней траціны палёту стралы. Жарага гарапашніка згледзелі і на чаўнах. Пад радаснае галёканне берага весляры павярнулі і ўзялі напярэймы крызе. Людзі не разыходзіліся, пакуль уратаванага пеўня не выпусцілі на траву.

Пасля гэтых прыгодаў Богушавы пасталы адмералі яшчэ не адно попрышча па драўляным насціле вузкіх вулак дзядзінцы, па Вялікім пасадзе і вакольным горадзе, дзе дамы стаялі трохі вальней, а ў блізкіх гародах ужо прабілі зямлю першыя стрэлкі цыбулі. Адвячоркам лучнік маліўся ў царкве за Чорным ручаём і паставіў свечку перад абразом Багародзіцы. А калі на горад апусцілася знобкае красавіцкае сутонне, Богуш, распытаўшы перад тым, дзе жыве кастапраў Даніла, пераехаў у ціхае Запалоцце і пастукаў у дзверы моцнай хаты над Палатой. Пастукаў адмыслова: два разы гучна і тры — прыцішана.

3.

Валодша адкінуў мяккую лісіную коўдру і сеў на краі шырокага ложа. Княгіня Звеніслава спала, звыкла падклаўшы пад шчаку далонь. Заснула залагоджаная, усцешаная, што сёння муж рана прыйшоў ад застоліцы.

Князю не спіцца, і, відаць, сон ягоны заблукаў недзе надоўга. Думна ў князевай галаве, неспакойна на сэрцы. Уваччу яшчэ стаіць гаворка з пасламі, у зацішнай пачывальні гучаць іхнія галасы: адрывісты і хрыпаты — чудскага старэйшыны і малады, звонкі — тлумача, маці якога была крывічанкаю.

— Наша неба не сіняе, як мора і азёры, а чорнае ад хаўтурных вогнішчаў. Крыжакі забілі столькі воінаў, што я ўжо не памятаю, хто жывы, а хто склаў галаву. Нашы жанчыны выплакалі вочы, а мужчынам ад частых трызнаў мёд здаецца горкім, а піва салодкім.

Старэйшына гаворыць ціха, вялікія рукі супакойна ляжаць на каленях, але зялёныя вочы на парослым сівым шчаціннем твары гараць такою лютасцю, што нават ён, Валодша, які забраў сваім мячом жыццё не ў аднаго дзесятка ворагаў, не хацеў бы сустрэцца з гэтым чалавекам у сечы.

Першыя паслы з Чудскай зямлі прыйшлі ў Полацк на Вадохрышча, у самыя лютыя маразы, калі мядзведзь пераварочваецца ў берлагу на другі бок. На мірныя паселішчы эстаў наляцелі немцы з атрадамі перавернутых у новую веру ліваў. Мужчын забівалі на месцы, а жанчын, дзяцей і гавяду гналі ў Лівонію. Дзесяць дзён эсты адбіваліся ў замку, а на адзінаццаты, калі з абложнае вежы нямецкія латнікі з лукаў і прашчаў перабілі палову абаронцаў, мусілі скарыцца: пусцілі ў замак лацінскага святара і аддалі немцам у заложнікі сыноў сваіх старэйшын. Паслы прасілі полацкага князя ісці на Рыгу, а самі абяцалі паўстаць і цясніць вайной ліваў і летаў.

1 ... 104 105 106 107 108 109 110 111 112 ... 166
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)