Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Хрыстос прызямліўся ў Гародні
Хрыстос прызямліўся ў Гародні - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Хрыстос прызямліўся ў Гародні

Электронная книга - «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Краткое содержание книги:

Хрыстос прызямліўся ў Гародні
1 ... 99 100 101 102 103 104 105 106 107 ... 109
Перейти на страницу:

— Бласлаўляецца раб Божы.

Справай хвіліны было б пайсці. Але Роскаша нешта мучыла, нечага было шкада. Раптам ён зразумеў, чаго шкада. Выграб з вады домікі, фігуркі, палацы — усё, што стаяла на дне вялізных начовак. Пасля кінуў туды цела войта і мацней пусціў ваду:

— Да жывёлаў і гадаў.

Праз некаторы час ён адшукаў па задворках, у гусцейшых лопухах, лебядзе і дудках, мёртва-п'янае цела дамініканца. Скінуў з сябе расу і паклаў яму пад галаву. Пасля пабудзіў, моцна расціраючы п'янаму вушы.

— Дапіўся, — з дакорам сказаў Фама, калі дамініканец спуджана ўскінуўся.

— Бацюхны, — жахнуўся той. — Сонца ж высока! Калі ж да войта?

— Я і кажу, што дапіўся. Ты што, забыў? Былі ж мы ў войта. Добра, што я цябе не кінуў, што сувой нёс. Згубіў бы недзе.

— Не можа быць.

— Глядзі, подпіс.

— Дзіўна, — сказаў манах. — Не згадзіўся на вогнішча… Ніч-чога не помню.

— Дзіва што. Ты хаця памятаеш, што ты рабіў?

— Н-не.

— Біцца лез. Цалаваў. Хапаў.

— Каго?

— Ды ўжо ж не войта.

— Няўжо дачку ягоную?

— Што ты, ты ж маленькіх шкадуеш.

— Ж-жонку, — абмякнуў дамініканец. — Што ж будзе?

— Нічога не будзе. Угаварыў я войта. Дый напалохаў трохі. Сказаў, што ты ў святой службе нават за Басяцкім сочыш. Цяпер табе толькі маўчаць трэба.

— Братка… Ты маўчы… Калі ласка!

— Я — магіла… А пасля яшчэ мадней было. Хацеў ты сесці проста пад распяццем на Ростані. Ледзь завалок цябе сюды. А ты — распранацца. «Марыля, — кажаш, — хадзі пад бок».

Дамініканец замыкаў, трымаючыся за галаву і хістаючыся.

— Ну, я і падумаў, што лепей, калі ты трохі паспіш. Выседзеў над табою, прасачыў, каб не абакралі.

— Братка, век Бога маліць… Гэта ж падумаць, сувой бы згубіў!

— Нічога, — сказаў Фама. — З кім не бывае. У мяне дык аднойчы горш было.

— Сябра, маўчы… Я гэтай гары цяпер…

— Дарэмна, — сказаў Фама. — Гэта толькі ўцягвацца не трэба, а ўжо як уцягнуўся — нішто. Хадзем, паправім галаву дый разыдземся. Спяшайся, браце.

Яны выпілі яшчэ па чарцы і разышліся, задаволеныя адзін адным. Манах панёс пенал з паперай, Фама пайшоў блукаць вакол замка. Сэрца ягонае плакала. Памілаванню, падпісанаму войтам, не паверыў бы ніхто. І адзінае, чаго ён, Фама, дамогся, што ён здолеў зрабіць, было збаўленне сябра ад залішніх пакут. Збаўленне ад самага пакутлівага пакарання. Пакарання агнём.

РАЗДЗЕЛ LVІІ «І ЎБАЧЫЎ Я НОВАЕ НЕБА І НОВУЮ ЗЯМЛЮ»

І ўбачыў я новае неба і новую зямлю; бо ранейшае неба і ранейшая зямля зніклі.

Апакаліпсіс, гл, 21, ст. 1

У цемры прабівалася праз краты дымнае святло месяца. І ён спаў, і клубіўся дым заўтрашняга — не, сённяшняга ўжо — вогнішча ў конусе святла. І за ім прыйшлі і адвялі яго на касцёр бярвенняў. Прывязалі шэсць разоў, як то належыць, перахапілі за шыю ланцугом, і шуганула ў неба чырвонае полымя. Да зоркі, што мігцела сямю колерамі, да груганоў, што крычалі над шпілямі.

Яно лізала ногі і дабіралася да шырокіх светлых вачэй.

І ён сканаў.

І вось у дыме ці то вогнішча, ці то месяца зляцелі ўніз, да яго, анёлкі з калчанамі. Падхапілі Хрыста пад рукі і ўзвіліся ўгору. Ён імчаў і здзіўляўся толькі, як гэткія дзіцячыя, тоўстыя, як ніткамі перацягнутыя, ручкі могуць несці і не выпусціць яго.

Аблокі, аблокі ляцелі насустрач ім, наўскос і ўніз. Анёлкі, бліскаючы голымі задкамі, неслі Братчыка пад рукі, і знікла далёка пад імі зямля.

І ўстала наперадзе трайная вясёлка, на якой зіхацелі літары:

«НЯБЕСНЫ ЕРУСАЛІМ»

Клубіліся белыя, як снегавыя горы, але цёплыя, валакністыя аблокі. За весніцамі Нябеснага Ерусаліма, на воблачным паплаўцы — праз аблокі прараслі кветачкі, рамонкі і васількі — весяліўся хор анёлаў. Вадзілі карагод і гралі на цымбалах і скрыпках. Усе анёлы былі з крыламі, у чапурных і шыкоўных чугах і світках, нагавіцах добрага шарачку, моцных поршнях. Паміж імі было шмат гожых жанчын у аксамітных і ядвабных кабатах, з караблікамі на галовах. Крылы іхнія былі багата вышываныя. Яны скакалі, памахваючы пальмавымі галінамі, як хустачкамі.

— Гэй, каго гэта вы валачэце? — меладычна крычалі яны.

— Хрыста.

— Памагай Бог!

— Казаў Бог, каб ты дапамог! — смяяліся тыя, што неслі.

Усё хутчэй і хутчэй узносіўся Хрыстос. І ўсё мацней гучаў насустрач яму ў лікаванні і ўрачыстасці харал. Чамусьці «Алілуя» Джонсана*.

* Урэшце, як гэта «чамусьці»? Вось я прапаную ў якасці цудоўнай новай тэмы для багасловаў сваю геніяльную здагадку: уся зямная музыка, нават канкрэтная, да свайго стварэння на зямлі існавала на нябёсах і, па выбару, укладалася ў чалавека, як праграма ў біялагічнага робата. Учора Бах, сёння Эльвін Прыслі.

Яны праляцелі праз вясёлку. Стаялі на аблоках чыстыя раскошныя хаты з буслянкамі на стрэхах. Буслы стаялі ў іх на адной назе і ляскалі дзюбамі ў такт харалу. Адрыны, хлявы, павеці і вазоўні — усё было ў парадку, усё дагледжанае і ладнае, на вякі.

На аблочных дварах, зарослых душыстымі рамонкамі, вясёлыя дзеці гулялі ў «піва». Каціліся па аблоках, як па ваце, з клуба на клуб. Басаногі пастушок гнаў па хмарах сытых кароў з прыўкраснымі вачыма.

На самай высокай, сляпуча белай хмары стаяла хата з дзвюх састаўленых пяцісценак. І пры ёй таксама было ўсё, чаму трэба быць пры гаспадарлівай беларускай хаце: і хлявы, і адрына, і лазня.

На парозе хаты, падклаўшы рукі пад азадак, сядзеў і адпачываў пасля працоўнага дня самавіты Бог Саваоф, трохі падобны да сівавусага. Анёлкі апусцілі Хрыста перад ім.

— Вось, бацька, прынеслі.

— Добра, хлопцы… Заўтра трохі раней пабуджу. У Заэдэм'і скарадзіць трэба, пырнік з аблокаў так і лезе. Скажы ты, халера, ладу з ім ніяк не давядзеш, як з зямлі завезлі з гноем. Скарадзіць, хлопцы! Зноў жа, нектар з амброзіяй несабраныя. Ну, ідзіце, пакуль тое, выпіце там.

— Дзень добры, — сказаў Хрыстос.

— Здароў, — сказаў Бог. — Заходзь у хату.

— А я ў цябе не верыў, ойча.

— І правільна рабіў. Гэта ж як сон. Сон тых, хто пакутуе. Хто гіне, як ты.

Зайшлі ў хату, выцершы ад аблок ногі на смугчастым хадніку. Памылі рукі пад гліняным рукамыйнікам. Марыя, вельмі падобная на Анею і Магдаліну, разам узятых, кланялася нізка:

— Заходзь, госцейка, заходзь, родненькі. А вось жа і думала, што добры чалавек зойдзе. Мыйся, частаваць зараз буду, хуценька. А што гэта за госцейка такі даражэнькі?

У хаце ўсё было багата. Вышываныя ручнікі, габляваная падлога. На паліцах — паліваныя місы, цэлых дваццаць штук. Белая печка з дзесяткамі выступаў і ніш, размаляваная кветкамі і грывастымі конямі. На дубовым стале, на суровым ільняным абрусе — «удовы» ў выглядзе абаранкаў з траўнічкамі, ягаднымі водамі і, мяркуючы па водары, з кмяноўкай, высыпаная вяленая рыба, вогнедышныя ракі, пасыпаныя зялёным кропам, чорны хлеб, печаны на кляновых лісцях, каўбаса, выкалупаная са збана, дзе ляжала яна і зберагалася ў топленым халодным сале. Тут жа гуркі салоныя і гуркі свежыя, а пры іх мёд, рэдзька ў смятане, белы сыр, клятчасты ад радзіны, у якую быў загорнуты, мочаныя яблыкі і шмат-шмат чаго яшчэ. Саваоф разбіраў нажом бліскуча-карычневую тушку вэнджанай гусі. Хрыстос сядзеў на покуці і глядзеў на ўсё гэтае багацце.

— Гэта вы ўсе так ясцё?

— Эге ж.

— Па святах?

— Чаму? Кожны дзень. Дый ты ж хацеў гэтага для людзей.

— Хацеў. Не верыў, што будзе скора.

— Бу-удзе.

Саваоф дастаў з-пад лавы «бусла». Усміхнуўся:

— Бач, зноў адліла трохі ў белае цеста. Гэта ж гэткі прадукт зглуміць!

— А хопіць вам заліць вочы, — удавана злуючыся, сказала Марыя. — Гэта ж, бач, хаваюцца за бутэлькай гэтай, як зайцы за пнём, дык яшчэ мала гэтага ім. До! Траўнічкам дап'яце. Частуйся, госцейка. Каб ужо і сыты і п'яны. Усяго хопіць. Усё ў нас ёсць. Унь як Мікола святы прыходзіць з жонкаю, дык жонка ідзе і саначкі за сабою ў госці цягне. Загадзя. Каб, значыцца, дадому пасля адвезці… А цябе і напоім, і пакладзём, і, як па звычаі беларускім належыць, у ложак яшчэ чарку табе прынясу.

— Во, забалаболіла, — з любоўю сказаў Саваоф. — Чуеш, кум? Ды ты не таранці, Марыля. Ты капусту падавай… Ну, з прыбыццём, сынок.

Выпілі. Перахапіла дых. Сталі закусваць. Марыля прынесла гарачы гаршчок.

— Пад'еш, бацюхна, удосталь.

— Ану, пад капусту.

Яны елі. Марыля падлівала, падкладвала, рассцілала на Юрасевых каленях ручнік, глядзела на яго гаротна, падшыбіўшыся рукою.

— Расказвай, — сказаў трохі пасля Саваоф. — Як там на маёй зямлі беларускай? Сам ведаю, паскудна так, што горай быць не можа, дзякуючы лютым пастырам гэтым, але ты расказвай, кажы.

І Хрыстос расказаў. Пра ўсё. Пра голад і круцельствы, пра ашуканства, прыгнёт, подласць, ханжаства і забойствы сумленных. Пра справу веры і святую службу, пра дзікае прыніжэнне годных і зацісканне рота, пра бессаромную ліслівасць і высокую мужнасць, пра ярасць і мяцеж, пра дзікі боль і высокую журбу, пра ўсё, аб чым мы ўжо ведаем.

…Плакала Марыля, калі ён скончыў, а сам ён сядзеў, закрыўшы далонямі твар.

Саваоф высмаркаўся ў белую анучку, паківаў галавою, наліў Хрысту гарэлку замест чаркі ў здаравенны кубак і сказаў глуха:

— Выпі. Табе цяпер во гэтак і трэба лупянуць. Зап'еш тут ад такога жыцця. Выпі. Плюнь, сынок. Ну, што ты з імі зробіш, калі яны там на зямлі дурні, чакушы ашалелыя. Маладыя яны яшчэ, людзі. Дурныя, пакуль тое.

— Дык што ж, і за такіх гінуць?

— Выпі… Выпіў?… І за такіх, сынок… І за такіх, якія яны будуць.

— Якія?

— Глядзі.

І Саваоф шырока расчыніў акно.

У разрывах аблокаў усё часцей і часцей відаць было зямлю. І вось уся яна адкрылася вачам. У аквамарыне акіянаў, дзе плавалі добрыя рыбы, у зелені пушч, дзе, нечапаныя, непалоханыя, хадзілі алені і мірныя зубры.

У золаце ніў і плаціне паўночных рэк, у срэбнай белі бясконцых садоў.

Буслы луналі над багатымі вёскамі, і кожная вёска была, як пахучы букет. Зямля, уся прыбраная, чыстая да таго, што на ёй немагчыма было знайсці аніводнай сувалакі пырніку, дагледжаная да таго, што яе можна было абысці босаму, нідзе не парэзаўшы ног, гэтая зямля дымела ад сытасці і задаволення, на вачах гонячы ўгору злакі і дрэвы. Залатыя пчолы жундзелі ў шатах ліп. Паўсюль былі дастатак і заможнасць, паўсюль — сляды бясконца прыкладзеных да справы чалавечых рук.

І вось з'явілася перад вачыма Братчыка тая зямля, па якой ён хадзіў і з якой прыйшоў. Ён пазнаў некаторыя старыя будынкі, старанна дагледжаныя, непарушна захаваныя людзьмі. І зямля гэтая была прыўкрасная, як і тады, але замест хат, падобных на хлявы, узніклі будыніны са смалістай сасны і каменя, і новае паўсюль віравала жыццё. Яна была прыгажэй за ўсё, што ён бачыў праз аблокі. Вялізныя каровы, якіх ніхто не забіваў, мірна жавалі жвачку і пахнулі малаком. Коні, якіх ніхто не біў, хадзілі па густа-зялёных паплавах і глядзелі на свет чалавечымі вачыма, людзі, якіх ніхто не падманваў, не рабаваў і не крыўдзіў, працавалі на палях і спявалі.

Гарады былі — дзіва дасканаласці, і нават сярод палёў сям-там стаялі блакітныя, дзіўнай прыгажосці палацы і вежы.

Абдзёртая і няшчасная пры ім, абрабаваная ваяводамі і войтамі і драпежнымі набегамі чужынцаў, яна зараз распасціралася перад ім у нятленным ззянні вечнай красы. Мудрая, працавітая, багатая, улюбёная. Радзіма!

І гучалі на ёй песні, і даляталі з яе галасы. Гучала, як музыка, пяшчотная і цвёрдая, прыўкрасная, вечная, неў-міручая беларуская мова.

І мужыцкі Хрыстос заплакаў. І слёзы пакаціліся па ягоных шчаках. А над ім легкаважна, з разлёту круцячыся цераз галаву, званілі, меладычна смяяліся, лікавалі званы.

Проста над галавою чалавека, які спаў і плакаў у сне, прагучаў дзікі ўдар у бок лянівага і непарушнага замкавага звона. Звярыны рык, роў дэмана, якога катуюць. Здрыганулася зямля.

Яшчэ ўдар… Яшчэ… Яшчэ…

1 ... 99 100 101 102 103 104 105 106 107 ... 109
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)