Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Азірніся ў каханні - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Азірніся ў каханні

Электронная книга - «Азірніся ў каханні». Краткое содержание книги:

У аповесці «Азірніся ў каханні» аўтар (нарадзіўся у 1942 г. на Гомельшчыне) у фантастычнай форме паказвае, як і калі праяўляюцца ў чалавеку лепшыя яго якасці — дабрыня, каханне, творчыя магчымасці. Герой аповесці «Бронік-афганец» з душэўнай траўмай вяртаецца з афганскай вайны на радзіму ў чарнобыльскую зону. Разам з сябрамі Бронік спрабуе дамагчыся праўды, каб памагчы людзям, але сутыкаецца з халодным раўнадушшам чыноўнікаў. Лёс герояў «Княжабора» звязаны з лесам. Як захаваць прыроду, яе чысціню І прыгажосць для нашчадкаў? Такія няпростыя праблемы хвалююць лесніка Косціка Міхалапа, які ўступае ў схватку з раскрадальнікамі.
1 ... 99 100 101 102 103 104 105 106 107 ... 146
Перейти на страницу:

У кантору зайшла Анэля, ціха павіталася, гэпнула на стол важкую паштарскую сумку. Разагнала каля сябе тытунёвы дым, пачала выкладваць газеты і часопісы.

— За тры дні, Пятровіч,— не магла раней. І во пісьмяцо вам. Ад Карабкова.

Анэля выйшла, не зачыняла за сабою дзвярэй.

— Вы пра Карабкова скажыце. Калі ён прыступіць да работы? — Косцік не вытрымаў, зноў палез у спрэчку. — Гэта ж нехта з нас напісаў тую ананімку... Нехта ж хоча заняць яго месца.

— А можа, ты, Міхалап, і напісаў? — заўсміхаўся Казімір, заёрзаў на табурэтцы. — Ты ж любіш справядлівасць, вось і рашыў усё паставіць на месца.

Лукашэвіч нахмурыўся, сагнуў галаву, як што чытаў на стале. Пасур'ёзнеў, кашлянуў у кулак.

— Выходзіць, што я і пісаў. Я ж яго памочнік, — Рыгор Пятровіч прамовіў ціха, ні на кога не гледзячы.

Косцік зразумеў, што гэта адказ яму.

— Карабкоў даўно некаму папярок горла стаіць. Бо не дае разгарнуцца некаторым. Пры ім на ласяціну не прыязджалі б, не выносіць ён лізакаў.

— От прыстаў з той ласяцінай, як кароста да цела, — адвярнуўся да акна Жамойда — не спадабаліся словы Міхалапа.

— Да цябе ўжо даўно прыстала і не толькі кароста,— упікнуў яго Міхалап, не стрымаўся, каб не ўпікнуць, бо Казімір вельмі ж упэўнена трымаў сябе пры Лукашэвічу — пры Карабкове ён далёка ад стала сядзеў. І маўчаў. — Я прапаноўваю вось што: трэба нам напісаць агульнае пісьмо ў райком ці абком партыі. І падпісацца ўсім над ім. Абараніць нам трэба чалавека. Не будзе яго — пастраляюць ліс і баброў на футры лізаблюды, ласі пойдуць на каўбасу высокаму начальству...

Лукашэвіч маўчаў, адчуваў, што яго словы тут лішнія, непатрэбныя. Жамойда насупіўся, вочы схаваў пад калматымі бровамі.

— А што? Правільна кажа Косцік... — нечакана для ўсіх выказаў падтрымку Лукашэвіч, паглядаў на ўсіх. — Я першы падпішуся пад такім пісьмом... А цяпер мы скончым нашы дэбаты, як кажуць. Усім леснікам на нарыхтоўку драўніны. На цэлы тыдзень. У мяне ўсё...

Замітусіліся, загаварылі леснікі.

За акном ужо добра ўднелася — даўно так не заседжваліся.

Сыны

Вікця, адчуўшы, што перастала кідаць у жар, паклікала да сябе сына.

— То ты ўжо, Валічак, ідзі заўтра ў школу, не адставай у вучобе.

— Табе ўжо лепш? — сын сеў за стол, паглядаў на маці — выглядаў ён ужо па-даросламу, насіў доўгія валасы, якія раз-пораз закідваў назад, на ім была футболка, вочы сур'ёзныя, уважлівыя.

— Ага. Ты толькі бульбачкі адвары звечара, каб я заўтра карову і парсюка пакарміла. Мне ўжо лепш.

—А мо рана яшчэ, дык я застануся. Урокі цяпер лёгкія.

— Не, не, сынок, — не згаджалася маці, — колькі ж можна ляжаць. Ды і баба прыйдзе, паможа.

Сын падпаліў раніцай у печы, паклаўшы яшчэ звечара смалякі пад дубовыя дровы, — яны ўхапіліся адразу полымем. Гаспадар, паснедаўшы, падаўся на работу.

Па сценах скакалі чырвоныя водсветы, яны вырываліся праз акно на агарод — чырванілі на градах снег.

Сын паспеў абабраць бульбу, паставіў варыцца ў гаршчэчку. Вікця ўстала, пахадзіла па хаце, адчула, што вярнулася сіла. Яе радавала, што сын стараецца памагчы ёй, радавала, што расце не беларучкай, не цураецца ніякай работы.

У Асавец хадзіў у школу і Косцікаў Стась — на клас ніжэй за Валіка. Вясной і восенню хлопцы хадзілі ў паасобку, як хто ўпраўляўся. Зімой, калі пачыналіся траскучыя маразы і мялі калючыя завеі, збіраліся купкамі. І абавязкова з «вочай» — бляшанкай на дроце, з дзірачкамі, у якой гарэлі смалякі. Пакруціш колькі разоў, калі згасае, ізноў разгараецца полымя, толькі чорная копаць адлятае. Ваўкоў баяліся, шныралі яны на дарогах, перагравалі не раз. Але ратаваў вучняў агонь — шпурнеш у воўчую зграю, у жоўтыя светлячкі, і разбягаюцца шэрыя, падцяўшы хвасты...

Валік падаўся ў школу, у печы выгарала, і жару ўжо не было. Вікця прычыніла юшку, падмяла ў хаце.

Любіла яна чысціню. Як толькі пабраліся, да сварак даходзіла, калі Казімір з вуліцы пёрся на сярэдзіну хаты ў брудных ботах. Быў ён неахайны.

У сенцах бразнула клямка, рыпнулі дзверы. Ведала — маці. То яна заўсёды вобмацкам шукае клямку.

— То ты паднялася ўжо, доню?

— Колькі ж можна адлежвацца?

Маці паклала на кухонны стол вузельчык, развязала хустку-канаплянку, скінула плюшавую жакетку. Вікця абрадавалася — будзе з кім словам перакінуцца. За час хваробы ніхто і не наведаўся да яе. Акрамя Карабковай, якая прыносіла лякарства.

— Напаю я цябе, дачка, узварам зёлак, — Анэта лагодна заўсміхалася, засвяцілася радасцю — любіла сваю дачку. — Пасля ангіны добра горла прамыеш...

1 ... 99 100 101 102 103 104 105 106 107 ... 146
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)