Курган
- Автор: Купала Янка
- Год: 1969
- Язык: белорусский
- Жанр: Прочая поэзия
Электронная книга - «Курган». Краткое содержание книги:
Змест твора складаецца з некалькіх асноўных тэматычных лініяў: роздум паэта пра лёс беларускага вызваленчага руху, пра шляхі народнай барацьбы; узаемаадносіны рэвалюцыйнага правадыра і народнай масы; імкненне рэакцыйных сіл настроіць народ супраць яго лепшых сыноў, рэвалюцыйных кіраўнікоў. На ўзроўні хрысціянскіх архетыпаў паэма — твор аб трагедыі страчанага і нязнойдзенага Раю. На ўзроўні нацыянальным яна сімвалізуе пошук беларусамі страчанай Бацькаўшчыны, трагічны разлад паміж духоўна абуджанай элітай і большасцю народа, які страчвае нацыянальныя ідэалы ў імперскім рабстве.
Перейти на страницу:
Янка Купала
Курган
I
Паміж пустак, балот беларускай зямлі,
На ўзбярэжжы ракі шумнацечнай
Дрэмле памятка дзен, што ў нябыт[1] уцяклі, -
Ўдзірванелы[2] курган векавечны.
Дуб галлё распусціў каранасты над ім.
Сухазелле у грудзі ўпілося;
Вецер стогне над ім уздыханнем глухім, -
Аб мінуўшчыне ў жальбах галосе.
На купалле там птушка садзіцца, пяе,
У піліпаўку[3] воўк нема вые;
Сонца днём распускае там косы свае,
Ночкай зоры глядзяць залатыя.
Хмары неба ўсцілалі мо тысячу раз,
Перуны білі з краю да краю, -
Ён стаіць - гэта памяць людская, паказ...
Толькі гутарка ходзіць такая.
II
На гары на крутой, на абвітай ракой,
Лет назад таму сотня ці болей,
Белы хорам стаяў, недаступнай сцяной
Грозна, думна[4] глядзеў на прыволле.
У нагах у яго рассцілаўся абшар[5]
Хвоек гонкіх і пахані чорнай,
Сонных вёсак шары[6], хат амшалых[7], як мар,
Хат з сям'ёй душ падданых, пакорных.
Князь у хораме жыў, слаўны свету ўсяму,
Недаступны і грозны, як хорам;
Хто хацеў, не хацеў - біў наклоны яму,
Спуску, ласкі не знаў непакорам.
Зневажаў, катаваў ён з дружынай сваёй;
Стражы князевы - ў полі і дома,
Толькі модлы[8] раслі небу ў сэрцах людзей,
І пракляцце расло пакрыёма[9].
III
Раз бяседа[10] вялікая ў князя была:
На пасад дачку княжну садзілі[11]:
За сталом він заморскіх крыніца цякла,
Бегла музыка ўкруг на паўмілі.
На вяселле-разгул наплыло, як на сход,
Госці знатных зусюль, за паўсвету,
Гэткай гучнай бяседы не номніў народ,
Гэткіх скарбаў, брыльянтаў[12], саетаў[13]!..
Дзень, другі ўжо грымела у князя гульня,
І музыкі, і чаркі звінелі;
Выдумлялі забаў новых кожнага дня;
Што хацелі - ўсяго госці мелі.
Ажно трэцяга дня князь прыдумаў адну
Для дружыны пацеху-забаву:
Загадаў ён пазваць гусляра[14]-старыну,
Гусляра з яго ведамай славай.
IV
Акалічны народ гуслі знаў гусляра;
Песня-дума за сэрца хапала;
Вакол гэтай думы дудара-званара
Казак дзіўных злажылась нямала.
Кажуць, толькі як выйдзе і ўдарыць як ён
Па струнах з неадступнаю песняй, -
Сон злятае з павек, болю цішыцца стогн,
Не шумяць ясакары[15], чарэсні;
Пушча-лес не шуміць, белка, лось не бяжыць,
Салавей-птушка ў той час сціхае;
Паміж вольхаў рака, як штодзень, не бурліць,
Паплаўкі рыба-плотка хавае.
Прытаіцца да моху русалка, лясун,
Каня[16] вечнага «піць» не заводзіць:
Пад звон-песню жывучых гусляравых струн
Для ўсіх папараць-кветка ўзыходзіць.
V
Прывяла гусляра з яго ніўных сяліб
Дворня князева ў хорам багаты:
Пасадзіла на ганку, між клёнаў і ліп,
На цагляным парозе магната[17].
Невыдумная світка[18] - убор на плячах,
Барада, як снег белы - такая,
Незвычайны агонь у задумных вачах,
На каленях ляглі гуслі-баі.
Водзіць пальцам худым па сталёвых струнах,
К песні-музыцы ладзіцца, строе;
Водклік б'ецца ад струн па сцюдзеных сцянах,
Заміраючы ў сховах пакояў.
Вось настроіў, навёў тон у струнах як след,
Не зірнуўшы на гулі ні разу,
І сядзіць гэты сумны, як лунь[19], белы дзед,
І чакае ад князя прыказу.
VI
- Што ж маўчыш ты, гусляр, ніў, лясоў песнябай,
Славай хат маіх подданых слаўны?!
Нам сягоння зайграй, нам сваіх песень дай, -
Князь умее плаціць незвычайна!
вернуться
1
У нябыт — у забыццё.
вернуться
2
Удзірванелы — пакрыты дзірваном, густа зарослы травою.
вернуться
3
Піліпаўка — час зімою, калі пачынаюцца моцныя маразы, завеі.
вернуться
4
Думна — горда.
вернуться
5
Абшар — прастор.
вернуться
6
Сонных вёсак шары — нерухомыя цені нібы паснуўшых вёсак.
вернуться
7
Амшалых — пакрытых мохам.
вернуться
8
Модлы — малітвы.
вернуться
9
Пакрыёма — употай.
вернуться
10
Бяседа — застолле.
вернуться
11
Садзіць на пасад — выдаваць замуж.
вернуться
12
Брыльянт — каштоўны камень.
вернуться
13
Саета — багатае адзенне з атласу і шоўку.
вернуться
14
Гусляр — чалавек, які іграе на гуслях, музычным інструменце.
вернуться
15
Ясакар — таполя.
вернуться
16
Каня — балотная чайка, крык якой нагадвае гукі піць-піць-піць.
вернуться
17
Магнат — памешчык, буйны землеўладальнік.
вернуться
18
Світка — вопратка, пашытая з даматканага сукна.
вернуться
19
Лунь — ястраб-мышалоў, у якога белае (светла-шэрае) апярэнне.
Перейти на страницу: