Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Классическая проза » Драўляны Дзядок і кабета Інсекта
Драўляны Дзядок і кабета Інсекта - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Драўляны Дзядок і кабета Інсекта

Электронная книга - «Драўляны Дзядок і кабета Інсекта». Краткое содержание книги:

Першая частка (раздзелы «Што здарылася з Драўляным Дзядком» і «Кабета Інсекта») гэтае аповесці Я.Баршчэўскага была надрукавана ў пятым томіку альманаха «Nіezabudka» на 1844 г. яшчэ да з'яўлення «Шляхціца Завальні». Другая частка — у восьмым томіку альманаха Казіміра Буйніцкага «Rubon» на 1847 г. ужо пасля выхаду «Шляхціца Завальні».
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 16
Перейти на страницу:

Ян Баршчэўскі

Драўляны Дзядок і кабета Інсекта

ДРАЎЛЯНЫ ДЗЯДОК І КАБЕТА ІНСЕКТА

Сонца ўжо схавалася на захадзе, неба было чыстае, паветра ціхае, у лесе чуліся мілагучныя і дзікія спевы птушак; блізкі быў час начлегу, і я спяшаўся як найхутчэй пакінуць засень лясоў. Выходзячы ў поле, заўважаю на пагорку прывабны шляхецкі дамок, на ўраджайных нівах даспявалі залатыя каласы, і вялікая чарада кароў, рыкаючы, вярталася з пашы. Ведаючы шчырую беларускую гасціннасць, зварочваю туды на адпачынак пасля дзённага падарожжа.

Бачу чалавека, што вяртаецца з поля, ужо пажылы, з загарэлым тварам, капот з шэрага свойскага сукна, галава сівая, на твары спакой і бадзёрасць. Здагадаўшыся, што гэта гаспадар, вітаюся і прашу, каб быў ласкавы дазволіць адпачыць з дарогі да наступнага дня.

— Проша, проша, — шчыра адказаў ён. — Цяпер дзень доўгі, можна не спяшаючыся шмат прайсці. Пан Бог, пэўна, накіраваў у Полацак, адсюль яшчэ сорак вёрст дарогі праз пусткі і пясчаныя баравіны, аднаму, а яшчэ пеша, маркотна і нядобра ісці цёмнаю ноччу.

Калі падыходзілі да жытла, два вялікія сабакі спаткалі нас на дзядзінцы і насцярожана пазіралі на мяне.

— Не палохайся, — кажа гаспадар, — чалавека яны не чапаюць, але дзікіх звяроў блізка не падпусцяць і жывёле найлепшыя вартаўнікі, у нашай гаспадарцы такія сабакі вельмі патрэбныя: мноства ваўкоў і мядзведзяў, не раз нападалі на суседскія аборы.

Ён завёў мяне ў святліцу, дзе былі стол, крэслы і іншыя рэчы сваёй работы з бярозы, простыя, але зручныя. На сценах у ракітавых асадах віселі абразы Збавіцеля, Маткі Божае з надпісам унізе: «Klauber Svulpsіt»[1] і гравіраваныя некалі ў полацкай друкарні партрэты св. Ігнація Лаёлы[2], Андрэя Баболі[3], Францішка Ксаверыя[4] і іншых. На шафе ў куце я заўважыў нейкую драўляную галаву, носам і лысінаю падобную да Сакрата; твар паколаты, пашарпаны і сям-там апалены.

З гароду прыйшла гаспадыня, акружаная дзецьмі; старэйшая дачка, якая звалася Анэля, мела чорныя валасы, стройную постаць, жывы пагляд; прырода яе надзяліла так шчодра, што каштоўныя аздобы і ядваб да яе прыгажосці нічога дадаць не змаглі б. З вялікай прыемнасцю глядзеў я на гэтую шчаслівую сям'ю.

— Ты з нашага павета ці з далёкіх краёў ідзеш? — спыталася гаспадыня.

— Мне з дзяцінства знаёмыя ваколіцы Полацка, але, шукаючы долі, я пражыў шмат гадоў далёка, цяпер адведваю гэты край. О! Якія вялікія змены бачу, толькі горы і лясы захавалі свой даўні выгляд.

— А як даўно пакінуў родны край?

— Ужо таму васемнаццаты год.

Гаспадар, пазіраючы на мяне, кажа:

— Здаецца, што я цябе колісь бачыў у гэтых краях, але прозвішча не магу ўспомніць.

Я назваў яму прозвішча, ён з радасцю схапіў мяне за руку і сказаў:

— Я З[5]…, мы былі калісьці школьнымі таварышамі.

І тут пайшла доўгая гаворка пра шчаслівае мінулае, пра маладых таварышаў і настаўнікаў полацкіх школ, пра знаёмых, хто дзе і як жыве, хто і калі пакінуў бацькаўшчыну, пра старцаў, якія ўжо выбраліся да вечнага дому нашага.

Пасля пан З… зняў з шафы драўляны бюст і сказаў:

— А гэтага Дзядка ці памятаеш? Даўней ён лепш выглядаў, калі, высунуўшыся з-за сцяны праз вузкае вакенца, даваў нам парады і перасцярогі, цяпер можаш бачыць на яго твары, колькі ён мусіў выцерпець, пакуль трапіў сюды да мяне, ён для мяне дарагая памятка. Гледзячы на яго, я ўспамінаю тыя мудрыя перасцярогі і паўтараю іх сваім дзецям. Гэты мой маленькі сынок добра ведае, што дазваляе і што забараняе Драўляны Дзядок.

— О! Гэты Дзядок мусіў прайсці па страшных пуцявінах пасля развітання з кляштарным дахам, жорстка яго свет прывітаў: галава прасвідраваная, вочы выкалатыя, вусны апаленыя; людзі не любяць праўды, але, напэўна, ён, вандруючы па свеце, быў нямы і нікога не абражаў напамінам.

— Людзям цяжка дагадзіць, можа, пакутаваў за тое, што маўчаў. Раскажу пра яго вандроўкі і пра іншыя дзіўныя здарэнні, пра якія чуў ад асоб, што жывуць з намі па суседству. А цяпер падарожнаму трэба падхарчыцца.

Сабралі стол, падалі гарэлку і закуску; Анэля дастала з паліцы спелыя маліны, якія сабрала ў садзе, і цудоўныя яблыкі. Тут пан З… хваліў свае садовыя дрэвы, якія сам садзіў і прышчапляў. Калі ветлівы гаспадар частаваў і падахвочваў мяне вячэраць, адчыніліся дзверы, абапіраючыся на кій, заходзіць стары, галава і вусы белыя. Быў гэта калісьці вялізны і дужы мужчына, але цяжар гадоў пахіліў яго высокую постаць.

— Як маешся, пане Ротмістру, у добры час зайшоў. Рэкамендую табе мілага госця, некалі калега мой школьны, далёка дзесьці вандраваў і цяпер праз шмат гадоў наведаў сваю бацькаўшчыну. Будзем бавіць разам вечар у прыемных размовах, знойдзецца пра што гаварыць пасля такое доўгае ростані.

вернуться

1

Klauber svulpsіt — Клаўбер напісаў па замове (ці Клаўбер пісаў па жаданню) ад лац. абрэвіятуры s(і) vul(tіs) (scrі)psіt (ці s(і) vul(t) (scrі)psіt).

вернуться

2

Лаёла Ігнат (1491–1556) — дробны іспанскі шляхціц, што заснаваў ордэн езуітаў. Выбраны ў 1541 г. пажыццёва генералам ордэна, які быў апірышчам Контррэфармацыі.

вернуться

3

Баболя Андрэй (1591–1657) — манах ордэна езуітаў. Вызначыўся сваёй рэлігійнаю дзейнасцю ў Бабруйску і Пінску. Падчас вайны ў 1657 г. быў замардаваны казакамі.

вернуться

4

Ксаверый Францішак (пам. у 1552) — пакутнік і святы каталіцкае царквы, адзін з першых місіянераў езуіцкага ордэна ў Азіі.

вернуться

5

У другой частцы аповесці замест крыптаніма З… пададзена поўнае прозвішча гаспадара — пан Зямельскі.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 16
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)