Брусавец
Мае асабіста адносіны да гэтай смерці былі дваякія.
Я добра ведаў нябожчыка, пэўны час нават сябраваў з ім, чытаў яго вершы — а таму разам з навіною пра яго гібель нейкая частачка мае душы нібы адрывалася ад свету. Але што ты зробіш — сесію я здаў з дзвюма тройкамі, стыпендыю мне не давалі, і, як ні ўпарцілася маё сумленне, чужая смерць зменшвала мае перажыванні.
Мне, па няправільнай логіцы, здавалася, што гэта толькі я шукаю сабе з усяго выгоды — нават з чужой бяды. Былі хвіліны, калі я баяўся і ненавідзеў сябе за шмат якія свае думкі. Думкі гэтыя, у розных варыяцыях, грунтаваліся на тым, што чым больш бедаў пасыплецца на знаёмых мне людзей, тым больш будзе расці маё асабістае шчасце. Паўтаруся, што мяне палохала гэта, і я ў такія хвіліны цягнуўся да людзей, якія, як мне здавалася, так, як я, думаць не маглі.
Такім чалавекам быў для мяне Мікалай Брусавец. Ён добра вучыўся, добра апранаўся, меў выдатную спартыўную фігуру, а галоўнае, быў здаровым аптымістам. Здавалася, калі б з ім і здарылася якое няшчасце, дык ратаваўся ён, пэўна б, не тым, што параўноўваў бы гэтае сваё няшчасце з няшчасцямі іншых і радаваўся, што сваё меншае. Калі Брусавец бачыў канец работы, за якую браўся — тады выходзіў плён, як і было ў яго з вучобаю. Калі не — ён кідаў пачатае з тою ж лёгкасцю, з якою пачынаў. Памятаю, яшчэ на першым курсе, пад уплывам Вяргейчыка, ён зрабіўся вялікім прыхільнікам беларускай мовы, ухапіўшыся за прапаганду яе, як галодны за хлеб. Недзе праз месяц, убачыўшы, што «змаганню» няма канца-краю, ён астыў, перастаў не толькі прапагандаваць, а і сам перайшоў, як і раней, на расійскую мову. І студэнты, і выкладчыкі, якім колькі дзён назад ён даказваў пра «запушчанасць нацыянальнага пытання» і пра «неадрыўнасць мовы ад культуры», смяяліся з яго. Ён прыдумаў, ці то недзе вычытаў, сказ і гаварыў яго ўсім знаёмым: «Калі адышоў ад справы Брусавец, гэта не азначае, што справа не вартая Брусаўца, а што Брусавец не варты справы», — і сам пры гэтым смяяўся...