Паварот на лета
- Автор: Матяш Нина Иосифовна
- Год: 1986
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Прочая поэзия
Электронная книга - «Паварот на лета». Краткое содержание книги:
Лепшыя вершы пяці кніг лаўрэата прэміі Брэсцкага абкома камсамола Беларусі, лаўрэата Літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова пранізаны светлым пачуццём да сваёй Радзімы, да людзей, да жыцця. Пранікнёныя словы любові да маці, словы прызнання ў шчырым каханні гучаць у вершах Ніны Мацяш, хвалююць чытача.
Перейти на страницу:
Ніна Мацяш
Паварот на лета
Падрыхтаванае на падставе: Мацяш Н. Паварот на лета: Вершы, паэмы.— Мн.: Маст. літ., 1986.— 158 с.: іл.— (Б-ка беларус. паэзіі).
Copyright © 2013 by Kamunikat.org
* * *
Лёс мой,
лёс мой — цяжкі колас,
часам — цяжкі камень...
Мне люляць цябе да скону
кволымі рукамі.
Мне з табою
быць сам-насам
і несці у людзі
то ў кароне промняў ясных
ды ў пчаліным гудзе,
то шукаць табе ратунку
ад навалы чорнай.
Час падлічвае рахункі,
мелюць часу жорны.
Думкі, крокі,
гнеў і радасць, —
будзе хлеб ці ўдалы?
Не скрывіць душой ні разу —
гэта шмат ці мала?
І любіць ажно да болю,
як матулін голас,
Беларусь — і сонца, й долю...
Лёс мой,
цяжкі колас!
1970
АГОНЬ УНАЧЫ
Няма святла.
Відаць, абрыў на лініі —
Вятрыска ж круціць, нібы ашалеў.
Прыклала ноч свае далоні сінія
Да шыб, дрыжачых пад гундосы спеў.
А мне — утульна, нечакана хораша,
Прыціхшы, слухаць буру і сябе,
Ступаць за думкай без шчымлівай горычы,
Як аратай за плугам пры сяўбе.
Ды раптам сэрца працяло трывожнае:
А што, калі з дарогі хто зблудзіў
Ці проста страшна стала падарожнаму,
Што ў непагадзі ён зусім адзін?..
Асмалак свечкі леташняй каляднае
Шукаю ў скрынцы вобмацкам хутчэй —
І вось ужо з акна майго выглядвае
Скупы агеньчык, добры гном начэй!
Шыбуй сюды, знявераны і стомлены!
Тут рук сяброўскіх шчырае цяпло.
І падалося мне:
сам шквал надломлены
Быў гэтым кволым, прызыўным святлом.
Калі ў сваёй дарозе, часам здрадлівай,
Згублю з-пад ног збалелых цвёрды грунт,
Я так хацела б, каб і мне здагадліва
Агеньчык нечае душы спагадлівай
Выратавальна ў вочы зазірнуў.
1967
НАДЗЕЯ
Цябе разгубленасць
катавала,
Ты спатыкалася,
ды ўставала.
Цябе паліла
агнём няўдачы,
А гы па прыску
ішла гарачым.
Канала ты
на кастрах адчаю,
Ды зноўку з попелу —
жывая!
Даўно б згібела
без цябе я,
Мой добры Фенікс,
мая надзея.
1967
АМО ТЕ
«АМО ТЕ, АМА МЕ, FIDES IMMORTALES» —
«Кахаю цябе, кахай мяне,
вернасць бяссмертна», —
пісалі старажытныя рымляне
на заручальных пярсцёнках.
З Рыма, з даўніх-давён,
Праз стагоддзі-вякі,
У абрадавым звоне крыштальным
Прыкаціуся пярсцёнак
Да жаночай рукі,
Прыкаціўся пярсцёнак
Да мужчынскай рукі, —
АМО ТЕ,
АМА МЕ,
FIDES IMMORTALES.
Блаславіў Гіменей,
Абяцаў Гіменей
Сонца, шчасце раскрыленых даляў.
І выстукваюць сэрцы
У цябе і ў мяне:
АМО ТЕ,
АМА МЕ,
FIDES IMMORTALES.
Па жыцці не прайсці,
Каб не зведаць бяды.
Нам бы ж толькі пярсцёнкі шапталі
Праз вясну і праз слоту,
Праз сівыя гады:
АМО ТЕ,
АМА МЕ,
FIDES IMMORTALES.
1968
РАСЧАРАВАННЕ
Расчараванне — як абвал.
Хіба ўгадаеш гэта ліха?
Уцёк каменьчык з-пад нагі,
За ім знянацку і другі,
Чацвёрты, восьмы... Шчэ імгненне —
І вось пад кручу ужо, уніз,
Лавіна груку і камення!
Галёкне рэха ў катлавіне,
Заб'ецца спуду ў стромах сініх,
І раптам стане ціха-ціха...
Расчараванне — як абвал.
1969
* * *
Памяці Леаніда Якубовіча
Я — камень, кінуты ў раку.
Кругі, расходзяцца кругі,
Усё шырэй, шырэй, здаецца.
Ды раптам зыркне бліскавіца,
І ўжо не вочы ўбачаць — сэрца:
Усё шчыльней, шчыльней кругі...
1970
Перейти на страницу: